Я зрабіў сабе інструмент, каб зразумець свой Instagram
Люблю лічбы, заліваю ў Instagram тону кантэнту — і захацеў зразумець, што з гэтага заходзіць. Гатовага інструмента не знайшоў, сабраў свой.
Я вельмі люблю ўсякія метрыкі, лічбы і статыстыку. А сёлета неяк так выйшла, што заліваю ў Instagram тону кантэнту — фоткі (нават штодзённую серыю завёў), крынжовыя рылсікі, усё запар. Зараз сярэдзіна года, і захацелася азірнуцца: што зайшло, а што не, што наогул сабрала водгук, а што паляцела ў пустэчу.
Гатовага бясплатнага інструмента пад гэта я не знайшоў. Але мы тут не лыкам шытыя: ёсць ідэя, інструменты, крыху ведаў і ШІ пад рукой. Значыць, пішам свой скрыпт.
Ідэя: скрыпт замест здагадак
План быў просты: схадзіць у інсту, выбраць усе пасты за патрэбны перыяд і сабраць па іх лайкі, каментары, захаванкі. А калі атрымаецца — яшчэ і зразумець, адкуль прыйшлі людзі: свае падпісчыкі ці новыя.
Першы блін
Накідаў першыя версіі — і стала сумна. Куча графікаў, прыгожа, але незразумела, што з гэтым рабіць: даныя ёсць, а высноваў нуль.
Зразумеў: праблема не ў колькасці даных, а ў тым, што ўсе пасты ляжаць у адной кучы. Падзяліў па тэмах — што на фота: лес, вада, партрэт, веласіпед. І вось тут стала цікава. На аснове гэтых катэгорый з’явіліся параўнанні (што заходзіць лепш за сярэдняе, а што слабей), маленькія прадказанні і сумленныя высновы — што працуе, а што не.

Катэгорыі — аўта, але праўлю рукамі
Катэгорыі прастаўляюцца самі, па карцінцы і подпісе. Але скрыпт не заўсёды ўпэўнены — дзе сумняваецца, пазначае пост «праверыць», і я дакідаю рукамі: тэму, тып (фота / карусель / reels), колькасць кадраў. Ручныя праўкі заўсёды галоўнейшыя за аўтаматыку і перажываюць любую перазборку — так што адзін раз паправіў, і ўсё.

Што ў выніку атрымалася
Стала відаць, хто прыводзіць новых людзей — па тэмах і фарматах:

Тыя самыя графікі нікуды не дзеліся — проста схаваў іх пад «Падрабязнасці», каб не мазолілі вочы. Хочацца пакапацца — яны на месцы:

І табліца ўсіх пастоў: сартуеш па ахопе, лайках, каментарах — і проста глядзіш вачыма, што агульнага ў топаў:

А калі запусціць збор яшчэ раз праз пару дзён, відаць, як пасты дабіраюць сваё: дзе колькі прыбавілася ахопу і лайкаў паміж замерамі.

У выніку атрымаўся асабісты прыкольны тул, у які можна заліпнуць. Не «сапраўдная аналітыка», а хутчэй цацка пад сябе. Здымаю я ўсё роўна тое, што падабаецца і адгукаецца ў моманце. Але цяпер разумею, што з гэтага працуе і чаму — і гэта ўжо нешта. Пра яснасць, у агульным — як і каляндар жыцця: менш шуму, больш разумення.