Камні 200, або як я вырашыў праверыць сябе
Пра 209 км гравію, спякоту, пясок, грабёнку, думкі пра эвакуацыю і фініш, да якога ўсё ж даехаў.
“Камні 200” — гэта неафіцыйная гравійная паездка на 200+ км ад Мінска. Не зусім гонка ў строгім сэнсе, хутчэй вялікая веласіпедная тусоўка для людзей, якім хочацца праверыць сябе, пакруціць па прыгожых беларускіх дарогах і ў нейкі момант задаць сабе простае пытанне: “А навошта я ўвогуле сюды палез?”
Хлопцы робяць гэтую рухавуху ўжо некалькі гадоў. У першыя разы я нават не думаў пра ўдзел: мая асабістая мяжа тады была недзе 70 км, а 200 км гравію выглядалі не выклікам, а амаль самазабойствам.
У мінулым годзе жаданне ўжо было максімальнае, але не склалася: справы, праца, дзеці, жыццё. Вырашыў адкласці да лепшых часоў.
І вось анонс на гэты год. Значыць, знак.

Падрыхтоўка з канапы
У першыя дні стартаў надвор’е было проста дрэннае: лілі дажджы, ідэя лезці ў гразь на 200 км выглядала сумнеўна. Я чакаў, пакуль умовы стануць лепшымі.
Дачакаўся.
На вуліцы стала 30+.
Але жаданне праехаць нікуды не знікла.
Пачытаў чаты, схадзіў у GPT, пачаў збірацца. З сабой паехалі:
- некалькі энергетычных геляў, якія ў выніку паспяхова вярнуліся дадому
- 5 пачак жэлацінавых цукерак
- пара шыпучых таблетак ізатоніку
- рэмкамплект для веласіпеда
- сонцаахоўны крэм
Усё гэта запакавалася ў сумкі, сумкі — на веласіпед. Збоку выглядала даволі падрыхтавана. Унутры — не вельмі.
Мая форма мяне моцна бянтэжыла. Апошні месяц — зусім мізэрны накат, і, калі казаць шчыра, я стартаваў амаль з канапы.
Але мэта ёсць мэта.
Раніца і першыя кіламетры
Стартаваць дамовіліся з сябрам. Забягаючы наперад: яму, на жаль, давялося сысці з дыстанцыі прыкладна на 140-м кіламетры. Але пачыналі мы разам.
Дзень Х. 5 раніцы. Я яшчэ раз правяраю рыштунак, раблю фотакартку — і мы гатовыя выязджаць.
Адразу дамовіліся не ціснуць на ўсе грошы са старту. Трэк доўгі, набор немалы, а наперадзе цэлы дзень.
Старт быў уздоўж вяслярнага канала. Раніца, вада, прыгожы туман — усё выглядала так, быццам гэта будзе проста вельмі добрая велапрагулка.
Спойлер: не толькі добрая.


Калі ад’ехалі далей, трапілі ў шыкоўны лес. Грунтовая дарога, даволі буйныя камяні, месцамі не вельмі прыемна для рук і ровара, але карцінка ўсё кампенсавала. Настрой быў выдатны.
Потым выскачылі на Вілейска-Мінскую водную сістэму. Першы сапраўдны грэйдар. Цікавае адчуванне: едзеш 5–10 км, а від амаль не мяняецца. З аднаго боку канал, з другога лес.

Недзе тут рамантыка ўжо пачала змешвацца з вельмі практычным пытаннем: як даехаць да фінішу.
Спыняцца нельга — з’ядаюць камары і мухі.
Так дабраліся да першай вялікай кропкі — Ільі. У краме дабралі булачак і вады. Сонца ўжо пачынала нармальна прыпякаць, а ехаць заставалася яшчэ вельмі-вельмі далёка.

Першыя сто
Пасля Ільі быў даволі сумны кавалак. Калі шчыра, я пра яго амаль нічога не памятаю. Проста едзеш, круціш, п’еш, ясі, спрабуеш не думаць, колькі яшчэ засталося.
Потым дабраліся да рыбазаграджальніка на Вілейскім вадасховішчы. І вось там пачаўся чарговы грэйдар — жорсткая грабёнка, якая вельмі ўпарта спрабавала знішчыць рукі.
Мы яе ўсё ж асілілі.
Гэта быў прыкладна 100-ы кіламетр трэка. Псіхалагічна вельмі дзіўная кропка: ты ўжо праехаў шмат, але да дома засталося прыкладна столькі ж.




Разварочваемся і пачынаем рухацца ў бок Мінска.
140-ы кіламетр
Худа-бедна дабраліся да 140 км. Запраўка, халодная вада, хот-догі. Звычайна гэта проста прыпынак. На такой дыстанцыі — амаль цывілізацыя.
І тут мой iPhone завісае. Ці пераграваецца. Ці проста вырашае, што яму таксама дастаткова. Экран перастае рэагаваць.
Сябар кажа, што далей сіл ехаць няма.
З яго тэлефона я папярэджваю жонку, што далей буду без сувязі і паспрабую звязацца ўжо на фінішы хоць неяк. Прашу прабачэння ў сябра, але кажу, што паспрабую дабіць астатнія 60+ км да фінішу.
Яго паспяхова эвакуіруюць.
Я еду далей.
Апошнія 60 км
Далей было цяжка.
Вось проста вельмі цяжка.
Гэта былі 60 км нейкіх бясконцых гор. Было адчуванне, што ты ўвесь час едзеш уверх. Да гэтага дадаваліся пясчаныя дарогі, спякота і разуменне, што сілы паступова сыходзяць.
Кактэйль з жэлацінак і кока-колы арганізм ужо не вельмі хацеў прымаць. Салодкае перастала быць палівам і стала проста салодкім шумам.
Недзе за 40 км да фінішу ўпершыню з’явілася думка: можна ж эвакуіравацца дадому.
Але ў той момант гэта выглядала не як разумнае рашэнне, а як параза. Быццам я сам сябе падмануў бы. Таму заставалася толькі круціць.
Пакутаваць, але круціць.
Даехаў да Лошанаў — адна з апошніх крам на трэку. Выліў усю салодкую ваду і ўзяў проста звычайную халодную. Праз людзей патэлефанаваў жонцы, сказаў, што мне яшчэ прыкладна 1–2 гадзіны да фінішу і можна збірацца.
Далей зноў круцім. Павольна, цяжка, але наперад.
І вось ён — нарэшце асфальт.
Я так па ім сумаваў.
Дзякуй арганізатарам, што дадалі асфальт на фініш. Калі б апошнія 10 км былі зноў па пяску і грабёнцы, не ўпэўнены, што я б іх вывез.
Фініш
І вось ён, фініш.
Фініш і вельмі простае прыняцце: я змог.
Не ідэальна, не хутка, не без крызісаў. Але не здаўся і даехаў.

Па маім трэку атрымалася:

- 208,72 км фактычнай дыстанцыі, бо ў нейкі момант мы накруцілі лішняга ўбок
- 11:35:58 часу
- 18 км/г сярэдняй хуткасці
- 1 647 м набору
- 140 уд./мін сярэдняга пульсу
Сам трэк “Камні 200” крыху карацейшы за маю статыстыку, але сутнасць ад гэтага не змяняецца. Гэта ўсё роўна былі мае першыя 200+ км гравію.
Што ў выніку
Выснова простая: гэта вельмі крутая падзея.
Прыгожы, цяжкі, часам злы трэк. Лясы, палі, лугі, вада, гравій, пясок, камяні, грабёнка — і вельмі моцнае адчуванне, як я ўсё ж люблю Беларусь з ровара.
Ці паеду ў наступным годзе? На 90% так, калі нічога не здарыцца.
Ці спадабалася? Бясконца.
Ці рады выніку? Безумоўна.
Ці мог лепш? Магчыма, але не значна. Пяскі і грабёнка мяне вельмі нармальна змардавалі.
Для мяне “Камні 200” атрымаліся не толькі пра веласіпед. Гэта была праверка галавы: што ты робіш, калі цяжка, калі ты без сувязі, калі сябра ўжо сышоў, калі арганізм не хоча салодкага, а да фінішу яшчэ 40 км.
Адказ аказаўся даволі просты.
Круціш далей.